Акадэмія Хана перш за ўсё вядомая сваёй калекцыяй відэаўрокаў, таму перш, чым я працягну, дазвольце мне паказаць вам невялікі калаж. (Відэа) Салман Хан: Такім чынам, гіпатэнуза будзе роўная пяці. Толькі ў гэтай частцы Паўднёвай Амерыкі знойдзеныя парэшткі гэтых жывёл - тут вось такая роўная паласа - і ў гэтай частцы Афрыкі. Мы можам узяць інтэграл паверхні, звычайна ён пазначаецца як прапісная сігма. Нацыянальны Сход: Ён фарміруе Камітэт Грамадскай Бяспекі, назва гучыць даволі нядрэнна. Звярніце ўвагу, гэта альдэгід, а гэта спірт. Пачынае дзяліцца на эфектар (нэрвовы канчатак) і клеткі памяці. Галактыка. Гэй, вось яшчэ адна галактыка. О, глядзіце, а вось яшчэ адна. Што тычыцца даляраў, то іх 30.000.000 плюс 20 мільёнаў даляраў ад Амерыканскага вытворцы. Калі ў вас ад гэтага не "едзе дах", значыць, вы бяздушны чалавек. (Смех) (Апладысменты) СХ: Зараз у нас ужо ёсць прыблізна 2200 відэаўрокаў на розныя тэмы - ад элементарнай арыфметыкі да вектарнага вылiчэння, урыўкі якіх вы тут бачылі. Гэтым рэсурсам кожны месяц карыстаецца мільён вучняў, якія праглядаюць прыблізна ад 100 да 200 000 відэаўрокаў на дзень. Але цяпер мы хочам пагутарыць пра тое, куды мы збіраемся рухацца далей. Перад тым як пачаць, я хачу крыху расказаць пра тое, з чаго ўсё пачыналася. Некаторыя з вас ведаюць пра тое, што прыкладна пяць гадоў таму я быў аналітыкам інвестыцыйнага фонду. Я жыў у Бостане і дыстанцыйна навучаў сваіх стрыечных сясцёр і братоў у Новым Арлеане. І я пачаў запампоўваць свае першыя відэаўрокі на YouTube проста для зручнасці, як дадатак да навучання маіх сваякоў - нешта, накшталт памяткі для паўтарэння. Як толькі я выклаў першыя відэаўрокі на YouTube, здарылася сёе-тое цікавае - насамрэч, здарылася шмат усяго цікавага. Першае - гэта водгук маіх сваякоў. Яны сказалі, што я ім больш падабаюся на YouTube, чым асабіста. (Смех) І калі вы адкінеце двухсэнсоўную прыроду гэтага прызнання, то ўбачыце, што ў ім ёсць пэўная глыбінная праўда. Яны казалі, што ім больш даспадобы аўтаматызаваны варыянт зносінаў са сваім стрыечным братам. На першы погляд, гэта нелагічна, але калі вы паспрабуеце паглядзець на гэта з іх пункту гледжання, усё становіцца зразумелым. У дадзеным выпадку яны могуць прыпыняць і пераглядаць тлумачэнні без адчування, што яны адымаюць мой каштоўны час. Калі ім трэба паўтарыць матэрыял, які яны павінны былі вывучыць некалькі тыдняў таму, ці нават некалькі гадоў таму, яны не павінны пытацца ў свайго брата і чырванець перад ім. Яны проста могуць паглядзець гэтыя відэаролікі. Калі ім сумна, то яны могуць забегчы наперад. Яны могуць глядзець іх, калі ім зручна, у сваім тэмпе. І, напэўна, найменш ацэнены аспект гэтага - гэта ідэя аб тым, што спачатку, у першы раз, калі вы спрабуеце абмазгаваць нейкае новае паняцце, апошняе, у чым вы маеце патрэбу - гэта іншы чалавек са сваім пытаннем: "Ну, ты зразумеў?" А гэта якраз і адбывалася раней у нашым узаемадзеянні з кузінамі. Цяпер жа яны могуць проста займацца ў адзіноце ва ўласным пакоі. Другое, што здарылася - я выклаў відэаролікі на YouTube, у мяне не было нагоды рабіць іх закрытымі, таму я адкрыў доступ усім людзям. І людзі сталі натрапляць на іх, а я стаў атрымліваць каментары і лісты і іншую зваротную сувязь ад выпадковых людзей па ўсім свеце. Вось некаторыя з іх. Гэта - да аднаго з зыходных відэа пра вылічэнне, хтосьці напісаў адразу на YouTube - гэта каментар з YouTube: "Першы раз у жыцці я атрымаў вытворную і ўсміхаўся." (Смех) Давайце тут пакуль спынімся. Гэты чалавек вылічыў вытворную, а потым усміхнуўся. І затым у адказ на той жа каментар ... - Гэта ёсць у ланцужку. Вы можаце зайсці на YouTube і паглядзець на гэтыя каментары - Нехта іншы напісаў: "У мяне тое ж самае." Так прыемна, я атрымаў зарад добрага настрою на ўвесь дзень. Памятаю, як глядзеў у класе на ўвесь гэты тэкст, нібыта з Матрыцы, а цяпер я магу сказаць: "Я ведаю кунг-фу." (Смех) І мы атрымоўвалі шмат водгукаў такога кшталту. Гэта відавочна дапамагала людзям. Але пасля, калі колькасць праглядаў ўсё расла і расла, я пачаў атрымліваць цэлыя лісты ад людзей, і мне стала ясна, што гэта нашмат больш, чым проста "зручна". Вось урывак з аднаго падобнага ліста: "У майго 12-гадовага сына аўтызм, і яму вельмі цяжка даецца матэматыка. Мы паспрабавалі ўсё, глядзелі ўсё і ўсё куплялі. Мы паказалі яму ваша відэа пра дзесятковыя дробы - і ён зразумеў. Затым мы перайшлі да жахлівых звычайных дробаў. І зноўку ён зразумеў. Мы не маглі ў гэта паверыць. Ён такі шчаслівы." Так што вы можаце ўявіць, як пачуваўся я, аналітык інвестыцыйнага фонду. Для мяне было вельмі незвычайна рабіць нешта карыснае грамадству. (Смех) (Апладысменты) Але да мяне прыйшло натхненне, таму я працягваў. А затым я пачаў разумець і іншыя рэчы. Я зразумеў, што гэта не толькі можа дапамагчы маім сваякам зараз, ці тым людзям, якія дасылаюць лісты, але што гэтая інфармацыя ў прынцыпе не састарэе, што яна зможа спатрэбіцца іх дзецям або ўнукам. Калі б Ісаак Ньютан ужо размясціў на YouTube відэа пра вылічэнні, мне б не давялося гэтага рабіць. (Смех) Калі б, вядома, у яго добра атрымалася. А гэта не факт. (Смех) Наступнае адкрыццё - нават улічваючы папярэдні пункт, я сказаў: "Ок, магчыма, гэта добрая падтрымка. Для матываваных вучняў. Для тых, хто навучаецца на даму." Але я нават не меркаваў, што яно стане нечым такім, што зможа пракрасціся на ўрок у класе. Але затым я пачаў атрымліваць лісты ад настаўнікаў. У іх гаварылася: "З дапамогай вашых відэаролікаў мы перарабілі класныя заняткі. Вы праглядаеце лекцыі, таму мы цяпер ... "- і гэта можа адбыцца заўтра ў любым класе Амерыкі, - "... Мы цяпер задаем на дом лекцыі. А тое, што раней было хатнім заданнем, цяпер выконваецца вучнямі на ўроку. " І мне хочацца тут пакуль зрабіць паўзу - (Апладысменты) Я хачу спыніцца тут на секунду, каб паказаць вам яшчэ пару цікавых рэчаў. У тым, што настаўнікі так паступаюць, ёсць відавочная перавага, якая складаецца ў тым, што зараз іхныя вучні могуць таксама выкарыстоўваць гэтыя відэа, як і мае сваякі. Яны могуць спыняць, пераглядаць тое, што ім трэба, тады, калі ім гэта зручна. Але самае цікавае складаецца ў тым - і гэта здаецца не зусім лагічным, калі мы кажам пра прымяненне тэхналогій на ўроку - што калі прыбраць стандартную лекцыю з заняткаў у класе і даць магчымасць вучням самастойна вывучыць лекцыю дома, а затым выконваць заданні ў класе пад наглядам настаўніка, у свабодным узаемадзеянні адзін з адным, то такое выкарыстанне настаўнікамі новых тэхналогій ачалавечвае школьныя заняткі. Яны ўзялі па сутнасці пазбаўленую душэўнага цяпла практыку - 30 дзяцей, з пальцамі, прыціснутымі да вуснаў, якім забаронена мець зносіны адзін з адным. Настаўнік, не важна, наколькі ён добры, павінен правесці ўрок, даступны для разумення ўсіх 30 вучняў - летуценныя твары з лёгкай варожасцю - а цяпер гэта стала сапраўды чалавечым заняткам. Цяпер яны сапраўды маюць зносіны паміж сабой. З моманту заснавання Акадэміі Хана я звольніўся з працы, і мы ператварыліся ў сапраўдную арганізацыю - некамерцыйную арганізацыю - і пытанне складаецца ў тым, як нам перайсці на наступны ўзровень? Як нам дапамагчы развіццю таго, што робяць гэтыя настаўнікі? Тое, што я зараз вам пакажу - гэта практыкаванні, якія я пачаў запісваць для сваякоў. Тыя, з якіх я пачаў, былі нашмат прасцейшыя. Гэта ўжо іх больш прафесійная версія. Асноўная думка тут - будзе згенеравана столькі пытанняў, колькі будзе неабходна, каб вы вывучылі гэта паняцце, пакуль вы не дасце 10 правільных адказаў запар. І тут жа знаходзяцца відэаролікі Акадэміі Хана. Вы атрымліваеце падказкі, калі не ведаеце, як вырашыць задачу. Можа здацца, што тут дзейнічае вельмі просты прынцып: 10 рашэнняў запар - і вы пераходзіце далей. Але гэта прынцыпова адрозніваецца ад таго, што адбываецца цяпер у класе. Пры традыцыйным вывучэнні прадмета ў школе даецца пара хатніх заданняў, заданне, лекцыя, заданне, лекцыя - і пасля гэтага ідзе выніковы іспыт. Незалежна ад таго, наколькі паспяхова вы яго здаяце - на 70%, 80%, 90% ці 95%, клас пераходзіць да наступнай тэмы. Нават вучні з вынікам у 95% не ведаюць 5%, але што менавіта яны не ведаюць? Можа, яны не ведаюць, што адбываецца пры ўзвядзенні ліку ў нулявую ступень. І з гэтым няведаннем яны ўсё роўна пачынаюць вывучаць наступную тэму. Уявіце сабе - гэта ўсё роўна што вучыць ездзіць на ровары, дзе, напэўна, я спачатку тлумачу вам тэорыю, а затым даю вам ровар на два тыдні. Праз два тыдні я вяртаюся і кажу: "Так, давайце паглядзім. У вас праблемы з левым паваротам. Вы не ўмееце тармазіць. Вы на 80% раварыст. " І я стаўлю вялізную "васьмёрку" вам на лоб, і кажу: "А цяпер возьмем аднаколавы ровар." Як бы недарэчна гэта ні гучала, у наш час на ўроках у класе адбываецца менавіта так. І сутнасць заключаецца ў тым, што калі хутка праходзіць матэрыял, добрыя вучні пачынаюць раптам правальвацца на алгебры цi невядома чаму не могуць справіцца з вылічэннем, хаця яны досыць разумныя і займаюцца з добрымі выкладчыкамі. Гэта адбываецца таму, што ў іх ёсць дзіркі, як у швейцарскім сыры, якія працінаюць ўвесь каркас іх ведаў. Таму наша мадэль прапануе вывучаць матэматыку гэтак жа, як вы б вывучалі што-небудзь іншае, як вы б вучыліся яздзе на ровары. Сядзець на ровары. Падаць з ровара. Рабіць гэта да таго часу, пакуль не дасягнеце майстэрства. У традыцыйнай мадэлі прадугледжаны пакаранні за эксперыменты і памылкі, але яна не чакае дасягнення майстэрства. Мы заахвочваем да эксперыменту. Мы ўхваляем памылкі. Але мы чакаем авалодання майстэрствам. Гэта яшчэ адзін з нашых модуляў. Трыганаметрыя. Гэта зрух і адлюстраванне функцый. Яны ўсе могуць быць сумешчаныя паміж сабой. У нас цяпер парадку 90 такіх модуляў. Вы можаце зайсці на сайт зараз. Гэта ўсё бясплатна. Мы не спрабуем нічога прадаць. Галоўная ідэя складаецца ў тым, што ўсе відэа ўбудаваныя ў пэўную мапу ведаў. Вось гэтая вяршыня - гэта літаральна складанне адназнакавых лікаў. Накшталт адзін плюс адзін будзе два. Сутнасць у тым, што калі вы набераце ў гэтым 10 балаў запар, вы прасунецеся на больш складаны модуль - і гэтак далей. І калі вы будзеце і надалей прытрымлівацца мапы ведаў, вы пяройдзеце да больш складаных задач па арыфметыцы. Далей вы распачняце перадалгебраічныя задачы і элементарную алгебру. Пяройдзеце да алгебры 1, алгебры 2, даберацеся да пачатку вылічэння. Ідэя ў тым, што з дапамогай такой сістэмы мы можам фактычна навучаць ўсяму, што можна вывучаць такім спосабам. Вы можаце ўявіць - мы якраз працуем над гэтым - што ў гэтую мапу ведаў уваходзяць і логіка, і камп'ютарнае праграмаванне, і граматыка, і генетыка, і ўсё гэта грунтуецца на ідэі пра тое, што калі вы ведаеце гэта і гэта, значыць, вы гатовыя да вывучэння наступнай тэмы. Гэтая сістэма добрая для індывідуальнага навучання, і я раю вам апрабаваць яе з вашымі дзецьмі, але я таксама прапаную ўсім прысутным у аўдыторыі пазаймацца самастойна. Гэта ўнясе змены ў гутаркі за вячэрай. І мы хочам выкарыстаць гэтыя вынікі пераўтварэнняў у класнай працы, пра якія раней мне пісалі настаўнікі. І тое, што я цяпер паказваю - гэта насамрэч дадзеныя тэставай праграмы ў школьнай акрузе Лас-Алтас, дзе практычна выкінулі стары навучальны план па матэматыцы ў двух пятых і двух сёмых класах. Гэтыя дзеці не карыстаюцца падручнікамі, ім не чытаюць лекцый для ўсяго класа. Яны займаюцца ў Акадэміі Хан, працуюць з гэтымі праграмамі у класе на паў-урока матэматыкі. І я хачу тут патлумачыць - мы не разглядаем гэта як поўны курс навучання матэматыцы. Гэтая сістэма проста вызваляе час - што цяпер і адбываецца ў Лас-Алтас. Гэта як сістэма рычагоў і блокаў, якая правярае, арыентуецеся вы ў рашэнні раўнанняў, і вызваляе час на мадэляванне, гульні, механіку, канструяванне для таго, каб вызначыць, наколькі глыбока вы разбіраецеся ў тэме. Сутнасць у тым, што настаўнік кожны дзень сочыць за вынікамі, кожнае дзіця пры гэтым працуе ў сваім тэмпе, і гэта на самай справе рэальныя дадзеныя з школьнай акругі Лас-Алтас - і яны працуюць з гэтымі вынікамі. Кожны шэраг - гэта вучань. Кожны слупок - гэта адна з падтэмаў. Зялёны азначае, што вучні дасканала валодаюць пытаннем. Блакітны - што яны працуюць з гэтай тэмай, усё ў парадку. Чырвоны - яны затрымаліся. І настаўнік дзейнічае наступным чынам: "Падыйду-ка я да гэтых вучняў з чырвоным колерам." Ці нават лепш: "Я вазьму аднаго з вучняў з зялёным колерам, з тых, хто ўжо дасканала ведае тэму, і пастаўлю яго наперад, навучаць сваіх аднакласнікаў. " (Апладысменты) Я сам прывык меркаваць пра рэальнасць, зыходзячы з канкрэтных дадзеных, таму мы не хочам, каб гэты настаўнік нават ішоў і ўмешваўся, і задаваў вучню гэтыя няёмкія пытанні: "Што ты не разумееш?" або "Што ты зразумеў?" ці нешта яшчэ такога кшталту. Наша задача - узброіць настаўніка як мага большай колькасцю інфармацыі - рэальнымі дадзенымі, якія выкарыстоўваюцца практычна ва ўсіх галінах - няхай гэта будзе кіраванне фінансамі, маркетынг або вытворчасць. Такім чынам настаўнікі змогуць вызначаць, у чым складаюцца праблемы вучняў, і змогуць максімальна эфектыўна ўзаемадзейнічаць з імі. Цяпер настаўнікі сапраўды ведаюць, чым занятыя вучні, колькі часу яны на гэта выдаткуюць кожны дзень, якія відэа яны глядзяць, калі яны націскаюць паўзу, калі яны заканчваюць прагляд, якія практыкаванні яны робяць, на што яны звяртаюць увагу. Знешняе кола паказвае, якія практыкаванні яны абіраюць. Унутранае - на якіх відэа яны засяроджаныя. Дадзеныя досыць падрабязна прадстаўлены, каб вы маглі ўбачыць канкрэтныя задачы, якія вырашае вучань. Чырвоны колер - гэта няправільны адказ, блакітны - правільны. Крайняе злева пытанне - гэта першае, на якое адказваў вучань. Вось тут - відэа, якое яны глядзелі. І тут можна ўбачыць, што ў рэшце рэшт яны змаглі набраць 10 балаў запар. Гэта амаль як на свае вочы бачыць працэс навучання падчас гэтых апошніх 10 задач. Яны таксама пачынаюць адказваць хутчэй. Вышыня паказвае, колькі часу гэта ў іх заняло. Таму, калі вы кажаце пра самастойны выбар хуткасці навучання, гэта зразумела ў кантэксце дыферэнцыраванага навучання, але дзіўна бачыць гэта ў класе. Таму што кожны раз, як мы праводзім гэта, у кожным класе, дзе мы гэта робім, зноў і зноў, калі вы пабудзеце там 5 дзён, вы ўбачыце групу дзяцей, якія абганяюць іншых, і групу дзяцей, якія схопліваюць павольней. У традыцыйнай мадэлі, акінуўшы вокам сітуацыю, вы скажаце: "Гэта адораныя дзеці, а гэтыя злёгку адстаюць. Можа, з імі трэба выкарыстоўваць розныя методыкі. Можа, нам варта развесці іх па розных класах." Але калі вы дазваляеце вучням самастойна выбіраць хуткасць - і мы бачым гэта зноў і зноў - як толькі вучні, якім патрабуецца трохі больш часу на праходжанне той ці іншай тэмы, канчаткова разбіраюцца з гэтай тэмай, яны рэзка вырываюцца наперад. Тых жа дзяцей, якіх вы палічылі адсталымі 6 тыдняў таму, цяпер бы вы прынялі за адораных. І мы бачым гэта зноў і зноў, што прымушае нас усіх задумацца - як шмат цэтлікаў, ад якіх хтосьці з нас нават атрымаў перавагу, з'явіліся толькі дзякуючы выпадковым супадзенням ў часе. Аднак, якімі важнымі не былі б падобныя эксперыменты у акрузе, як напрыклад, у Лас-Алтас, наша мэта - гэта выкарыстанне новых тэхналогій для гуманізацыі адукацыі - не толькі ў Лас-Алтас, але ў глабальным маштабе. І тут выяўляецца цікавая рэч. Мноства намаганняў па ачалавечванні школьных заняткаў сканцэнтравана на суадносінах колькасці вучняў і настаўнікаў. На наш погляд, прыдатны паказчык - гэта суадносіны вучань - карысны час зносінаў з настаўнікам. У традыцыйнай мадэлі большую частку настаўніцкага часу займаюць лекцыі, выстаўленне адзнак і да таго падобнае. Магчыма, дзесьці 5% свайго часу яны выдаткуюць на тое, каб сапраўды працаваць з вучнямі, седзячы побач. Цяпер яны могуць рабіць гэта 100% свайго часу. І зноў - выкарыстоўваючы новыя тэхналогіі, вы не толькі перайначыце заняткі ў класе, вы ўзмацняеце чалавечы фактар, я б сказаў, у пяць ці нават 10 разоў. Уявіце сабе, што можа гэта азначаць не толькі для Лас-Алтас, а для любога дарослага, хто саромеецца вяртацца да таго, што ўсе даўно павінны былі вывучыць, да вяртання ў каледж. Уявіце, чым гэта можа стаць для дзіцяці з вуліцы ў Калькуце, які ўдзень павінен дапамагаць сваёй сям'і, і таму не можа хадзіць у школу. Цяпер яны могуць выдаткаваць дзве гадзіны ў дзень, каб нагнаць упушчанае, ці дасягнуць пэўнага ўзроўню, і ім не прыходзіцца чырванець перад кімсьці за тое, што яны чагосьці не ведаюць. Зараз уявіце, што адбываецца, калі, як мы казалі, вучні вучаць адзін аднаго на ўроку ў класе. Але ўсё гэта - адна сістэма. Няма прычын, па якіх вы не маглі б зладзіць такое навучанне ад вучня да вучня за межамі аднаго класа. Уявіце, што адбудзецца, калі гэты вучань у Калькуце раптам зможа навучаць вашага сына, ці ваш сын зможа навучаць гэтае дзіця ў Калькуце? І я думаю, што ў вас ужо з'яўляецца ўяўленне пра глабальны класны пакой для ўсяго свету. Па сутнасці, гэта мы і спрабуем пабудаваць. Дзякуй. (Апладысменты) Біл Гейтс: Я бачу, што вы ўключылі ў сістэму некаторыя моманты, якія тычацца матывацыі і зваротнай сувязі - балы энергіі, знакі адрознення. Раскажыце, што гэта значыць? СХ: О, так. Над гэтым працуе цудоўная каманда. Я проста павінен гэта растлумачыць - ужо даўно гэтым займаюся не я адзін. Я ўсё яшчэ сам запісваю ўсё відэа, але распрацоўкай праграмнага забеспячэння займаецца зорная каманда. Так, у нашай сістэме шмат гульнявой механікі, там можна атрымліваць ўсялякія значкі і балы, мы таксама будзем вызначаць групы лідараў у кожнай галіне. Гэта досыць цікава. Абазначэнні знакаў або колькасці балаў за выкананне чаго-небудзь мы можам убачыць адлюстраваннымі у маштабе ўсёй сістэмы, дзе дзясяткі тысячаў пяцікласнікаў або шасцікласнікаў перамяшчаюцца ў тым ці іншым напрамку у залежнасці ад таго, якія значкі вы ім даяце. (Смех) БГ: А як пачалося ваша супрацоўніцтва са школьнай акругай Лас-Алтас? СХ: З Лас-Алтас адбылося нешта неверагоднае. Зноў жа, я не чакаў, што сістэму пачнуць прымяняць у класе. Хтосьці з іх адміністрацыі прыйшоў і спытаў: "Што б вы рабілі, калі б атрымалі карт-бланш на класных занятках?" І я сказаў: "Ну, я б проста дазволіў кожнаму вучню працаваць з той хуткасцю, якая яму зручная, і глядзеў на панэль з вынікамі. " І яны адказалі: "Гэта даволі радыкальна. Мы павінны падумаць." Я і астатнія члены каманды былі ўпэўненыя, што яны ніколі не пойдуць на гэта. Але літаральна на наступны дзень яны адказалі: "Можаце пачаць праз два тыдні?" (Смех) БГ: Атрымліваецца, цяпер гэта працуе ў пятых класах па матэматыцы? СХ: У нас ёсць два пятыя і два сёмыя класы. Мы працуем з імі на ўзроўні акругі. Я думаю, акрузе падабаецца магчымасць адсочваць працэс навучання дзяцей. Гэта ж мае значэнне не толькі ўнутры школы. Мы нават бачылі, як некаторыя дзеці займаліся ў Каляды. І мы можам адсочваць іх дзеянні ў рамках праграмы. Яны могуць адсачыць ход навучання ў цэлай акрузе. Нават тое, што вучні робяць улетку, падчас пераходу ад аднаго настаўніка да іншага, дзякуючы гэтай бесперапыннасці дадзеных у праграме, нават гэта могуць бачыць на ўзроўні ўсёй акругі. БГ: То бок, некаторыя з гэтых формаў адлюстравання дадзеных будуць карысныя настаўніку для таго, каб зразумець праблемы вучняў і аказаць адпаведную дапамогу. Вы збіраеце водгукі настаўнікаў на гэтыя выявы паказчыкаў, каб высветліць, як яны гэта разумеюць? СХ: Так, вядома. Большасць гэтых схем распрацаваныя настаўнікамі. Мы зрабілі некалькі і для вучняў, каб яны маглі бачыць свае вынікі, але падчас распрацоўкі мы знаходзімся ў цесным узаемадзеянні перш за ўсё з самімі настаўнікамі. Яны літаральна кажуць: "О, гэта вельмі добра, але ..." Да прыкладу, так яны каментуюць вось гэты графік увагі: "Мне здаецца, многія вучні ходзяць кругом ды навокала і не могуць засяродзіцца на адной тэме. " Таму мы прадставілі вынікі па увазе ў выглядзе дыяграмы. Такім чынам, на гэта паўплывала менавіта зваротная сувязь ад настаўнікаў. Наогул, усё гэта жудасна цікава і файна. БГ: Вы гатовыя да зорнага часу? Ці варта шматлікім класам паспрабаваць гэтую сістэму ў наступным навучальным годзе? СХ: Так, мы гатовыя. Наш сайт ужо наведвае мільён чалавек, так што мы можам адолець яшчэ пару-тройку мільёнаў. (Смех) Няма прычын, па якіх гэта не магло б адбыцца заўтра ў кожным класе Амерыкі. БГ: І ваша бачанне выкладання. Ідэя складаецца ў тым, што калі мне што-небудзь незразумела, я магу знайсці добраахвотнікаў выкарыстоўваючы налады карыстальніка, магчыма, улічваючы іх рэпутацыю, я магу прызначыць час і звязацца з такімі людзьмі? СХ: Абсалютна дакладна. Я б рэкамендаваў паспрабаваць гэта зрабіць кожнаму ў гэтай аўдыторыі. Вы можаце зараз жа ўвайсці ў сістэму налад для настаўнікаў і па сутнасці стаць трэнерам для сваіх дзяцей, пляменнікаў, сясцёр альбо братоў, або наогул для дзяцей з Клуба Хлопчыкаў і Дзяўчынак. Так, вы можаце зараз жа пачаць ператварацца ў настаўніка ці выкладчыка. Так, тут ёсць усё для гэтага. БГ: Гэта сапраўды цудоўна. Мне здаецца, вы толькі што сцісла азнаёміліся з будучыняй адукацыі. Дзякуй. (СХ: Дзякуй.) (Апладысменты)